СЛІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, ротавыя залозы,

экзакрынныя залозы, якія адкрываюцца ў ротавую поласць і выпрацоўваюць сліну. У млекакормячых і чалавека акрамя шматлікіх дробных залоз, размешчаных у слізістай абалонцы, у ротавую поласць адкрываюцца пратокі 3 пар буйных С.з. (калявушная, падсківічная і пад’язычная). За суткі чалавек выдзяляе 1,5—2 л сліны, буйныя с.-г. жывёлы — 40—120. л. Сліна мае ў сабе да 99,5% вады, арган. і неарган. злучэнні, аказвае бактэрыцыднае ўздзеянне. Асн. яе функцыя — змочванне ежы для аблягчэння працэсаў жавання і праходжання праз стрававальны канал. Кансістэнцыя і хім. састаў ежы, асаблівасці жыццядзейнасці вызначаюць састаў сліны і характар слінавыдзялення. Напр., сліна змей мае ядавітыя рэчывы і выкарыстоўваецца як сродак аховы і нападзення, сліна некат. птушак багатая на злучэнні, неабходныя пры пабудове гнязда, сліна жывёл-крывасмокаў (камары, кляшчы, п’яўкі) звычайна мае антыкаагулянты, якія прадухіляюць згусальнасць крыві. Слінавыдзяленне ўзнікае рэфлекторна пад уплывам безумоўных (напр., знаходжанне ежы ў ротавай поласці) і ўмоўных (напр., надыход часу прыёму ежы) раздражняльнікаў; у чалавека ўмоўным раздражняльнікам можа быць і слова. На сакрэцыю сліны ўплываюць таксама гармоны гіпофіза, падстраўнікавай, шчытападобнай і палавых залоз. С.з. здольныя выконваць эндакрынныя функцыі (напр., у падсківічнай залозе грызуноў знойдзены фактар росту нерваў, які рэгулюе развіццё сімпатычнай нерв. сістэмы ў арганізме).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)